Новости БеларусиОбщество

Экспедыцыя Onliner: вывучаем багацце гаворак Гродзеншчыны

Сярод шасці гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі не ахопленым намі заставаўся толькі адзін, на захадзе краіны. Таму кірунак экспедыцыі onliner.by ў рамках сумеснага з А1 праекта «Мова» быў прадвызначаны — Гродзенская вобласць, з яе такім прыгожым і розным Нёманам і распаўсюджанымі тут гродзенска-баранавіцкімі гаворкамі.

Рэгіён

Згаданы вышэй Нёман даў назву ўсяму гісторыка-этнаграфічнаму рэгіёну, які вядомы як Панямонне, па аналогіі з Падзвіннем на поўначы Беларусі і Падняпроўем на ўсходзе. Знаходзячыся на сутыку некалькіх этнічных культур і на скрыжаванні гандлёвых шляхоў, гэты край не мог не стаць адметным. Але збольшага так можна сказаць пра любы рэгіён нашай краіны, таму лепш адзначым тое, што адразу кідаецца ў вочы.

Бадай толькі на Гродзеншчыне можна пабачыць такую колькасць праваслаўных і каталіцкіх крыжоў, устаноўленых побач. Прычым тое, як гэтыя крыжы аздоблены, дае падставы меркаваць пра аднолькава паважлівае стаўленне жыхароў краю да адрозных веравызнанняў. На нашу думку — вельмі красамоўная ілюстрацыя той самай беларускай талерантнасці, дэклараванне якой на кожным кроку, аднак, ужо нагнала аскомы.

Створана паводле карты В. С. Цітова «Гісторыка-этнаграфічныя рэгіёны Беларусі» і карты А. А. Крывіцкага «Групоўка гаворак на тэрыторыі Беларусі»

Моўны ландшафт Панямоння, як было сказана вышэй, вызначаюць пераважна гродзенска-баранавіцкія гаворкі ўжо знаёмага па Усходнім Палессі паўднёва-заходняга дыялекту беларускай мовы. Са слуцкімі і мазырскімі гаворкамі іх яднаюць, напрыклад, няпоўнае оканне (бало́то, падняло́со), адметная формазагаднага ладу дзеясловаў (жыве́це, ідзе́це) і нават саканне (ко́нчыласа, ме́ліса). Але маюцца тут таксама адрозненні: скажам, толькі на захадзе Беларусі вы пачуеце гу́ліца, а не ву́ліца. Ужываюцца на гэтай тэрыторыі і своеасаблівыя словы, праілюстраваць якія нам дапамаглі мясцовыя старажылы.

Населеныя пункты, інфарманты

Зыходзячы з назвы рэгіёна, мы палічылі абавязковым спыніцца на беразе Нёмана — каб і з людзьмі пагаварыць, і раку паздымаць. Для ўсяго гэтага была абрана вёска Падбараны Мастоўскага раёна. У ладным і дагледжаным цагляным дамку тут жыве Канстанцін Яўгенавіч Якубчык 1932 г. н. На жаль, ужо без жонкі, з якой пражылі — цяжка паверыць — 56 гадоў. Нягледзячы на няпросты лёс, у свае 87 дзед Кастусь усё яшчэ бадзёры, рухавы і гаваркі.

У чалавека, які нарадзіўся і вырас на беразе Нёмана, мы не маглі не спытаць, ці пераплываў ён калі-небудзь шырокую ў гэтых мясцінах раку. Натуральна, пераплываў, але і тануў разы тры. Праўда, па словах нашага інфарманта, калі ў 2012 годзе запусцілі Гродзенскую ГЭС, «з Нёмна зрабілі возеро, стала вада ціхо ісці зусім». Аднак рыбе, напэўна, падабаецца, бо рыбакоў мы тут пабачылі нямала.

Вёска Русакова Слонімскага раёна здзівіла тым, што вёскай яна лічыцца хутчэй намінальна. Многія будынкі і зямельныя ўчасткі цяпер належаць заснаванаму тут у 2005 годзе жаночаму скіту прападобнага Амвросія Опцінскага. Тым не менш двух старажылаў мы адшукаць змаглі — сціплую Алену Карпаўну Сегень 1938 г. н. і бойкую Антаніну Макараўну Панашчык 1941 г. н.

Суседствам са скітам бабулі задаволеныя: «Што ні папрасі, нікада не адкажуць нічого. У іх і трактар свой е, папросім там і згара́ць ці прывязці што…». Адным словам, вельмі дарэчная падмога для пажылых людзей, якая не зашкодзіла б многім іншым беларускім вёскам з нешматлікімі жыхарамі-старажыламі.

Матэрыялы экспедыцыі

Гродзенска-баранавіцкія гаворкі паўднёва-заходняга дыялекту беларускай мовы ўяўляюць сабой адносна цэльнае ўтварэнне, таму глабальных моўных адрозненняў паміж раёнамі тут няма. Сякія-такія лексічныя несупадзенні мы ўсё ж выявілі, але засяродзіцца вырашылі ў першую чаргу на адметных мясцовых словах. У выніку падаём іх не ў парах, а паасобку (ніжэй па тэксце такія адзінкі вылучаны тлустым шрыфтам).

Вядомае фактычна на ўсёй тэрыторыі Беларусі слова штаны́ мае, між іншым, сінонім нагаві́цы, які распаўсюджаны на паўднёвым захадзе краіны. Але нас больш цікавіў варыянт ганаві́цыпашыраны пераважна на захадзе Гродзенскай вобласці. У Мастоўскім раёне мы яго якраз і пачулі, праўда з удакладненнем, што цяпер ужо так не гавораць — скрозь пануюць штаны.

Падобная сітуацыя склалася і з сінонімамі да слова пе́рхаць: з нашай дапамогай інфарманты ўсё ж прыгадалі і ко́шасць, і кашуту́, але тое «вабшчэ па-старыннаму» (а яшчэ — па-мясцоваму, бо ў сучаснай беларускай літаратурнай мове такіх слоў няма). Дадамо сюды і чо́санкі, якія сёння, мяркуючы па атрыманых адказах, выцеснены ва́ленкамі.

А вось слова кастры́ца азадачыла. Як мы вычыталі, так на Гродзеншчыне (і толькі тут) называюць апалую ігліцу. Праўда, верылася слаба, бо кастрыца — гэта ж астаткі пасля перапрацоўкі льну ці канопляў. Але інфарманты пацвердзілі: «з лесу, з хвойкаў», «шышке́ папада́лі». Зрэшты, і ў адным, і ў другім выпадку маем адходы, таму сувязь паміж абодвума значэннямі ёсць.

Несупадзенне было выяўлена таксама паміж літаратурным і мясцовым словам махля́р. У свой час беларускія дыялектолагі адмовіліся наносіць яго на карту з назвамі манюкі, хоць факты фіксацыі гэтага слова ў такім значэнні яўна былі. У тлумачальных слоўніках махляр фігуруе як жулік і ашуканец, але двое з чатырох нашых інфармантаў пацвердзілі, што так у іх вёсках прынята называць менавіта хлуса.

Складанасцямі абярнулася наша спроба высветліць мясцовую назву стрэлкі ў цыбулі. Дакладней, мы думалі, што стрэлка і пяро — гэта адно і тое ж, таму смела жанглявалі выпісанымі загадзя словамі. Інфарманты ж патлумачылі: стрэлка (па-мясцоваму стаўбу́нстры́мбуль) паяўляецца тады, калі цыбуля толькі пачынае прарастаць, а пёры (па-мясцоваму шчыпяры́, пе́р’ё) — вынік гэтага працэсу. У «Лексічным атласе беларускіх народных гаворак» нават ёсць асобныя карты для назваў стрэлкі і пёраўцыбулі.

Раз ужо загаварылі пра гародніну, то прывядзём у тым ліку мясцовыя назвы матыкі. Праўда, свая спецыфіка выявілася і тут. У вёсцы Голі Слонімскага раёна пад словам га́чка, напрыклад, разумеюць матыку без зубцоў, а ў якасці назвы матыкі з зубцамі выкарыстоўваюць словы дра́пці і драпачы́. У вёсцы ж Русакова Слонімскага раёна, наадварот, га́чкай называюць матыку з зубцамі, а ця́пкай — тую ж прыладу, але ўжо без зубцоў. Разумеем, што для большасці чытачоў такія падрабязнасці будуць залішнімі, але мы за дакладнасць інфармацыі, таму і раскладаем усё па паліцах.

Што да назвы палавіка, то нечаканасцей тут не было: на Гродзеншчыне ў гэтым значэнні ўжываюць і слова палаві́к, і слова хо́днік. Але гэтак называюць, як правіла, саматканыя вырабы. На фабрычны ж палавік (дывановы) хутчэй скажуць даро́жка.

Вывады

Такім чынам, сярод прыведзеных у тэксце слоў пераважна ў Гродзенскай вобласці ўжываюцца ганавіцы, кошасць, стрымбуль, шчыпяры, клыбаты, пошва, а таксама кастрыца ў значэнні ‘апалая ігліца’. Агучыць іх вам могуць не адразу, некаторыя паступова замяняюцца больш пашыранымі сінонімамі, але, як мы пераканаліся, зафіксаваць гэтыя адзінкі яшчэ цалкам магчыма.

Зразумела, з цягам часу сітуацыя будзе мяняцца. Ужо сёння маладзейшыя людзі з ліку мясцовых наўрад ці ўцямна патлумачаць, што такое пошва і ў чым розніца паміж стрымбулямі і шчыпярамі. Але хутка загугліўшы і натрапіўшы на нашу публікацыю, якраз-такі змогуць. Дзеля гэтага, уласна, праект «Мова» і задумваўся.

Поделись с друзьями