Афиша

Творчы праект“Музычная спадчына Радзімы”

У перыяд з 1 па 10 верасня 2019 года Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі праводзіць творчы праект “Музычная спадчына Радзімы” – гастрольна-канцэртны тур студэнцкага духавога аркестра, прымеркаваны да 90-годдзя з дня нараджэння Народнага артыста СССР і БССР, прафесара Я.А.Глебава і Года малой радзімы ў Рэспубліцы Беларусь.

Напярэдадні юбілею Яўгена Аляксандравіча Глебава – аднаго з выдатных беларускіх кампазітараў, класікаў айчыннай кампазітарскай школы, які амаль 30 гадоў свайго жыцця аддаў працы ў Акадэміі музыкі, – студэнцкі духавы аркестр пад кіраўніцтвам дырыжора, дэкана аркестравага факультэта, лаўрэата міжнародных конкурсаў, стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Максіма Рассохі выканае яго музыку ў канцэртах фармату open-air на адкрытых пляцоўках Мінска і абласных цэнтраў Беларусі.

У рамках творчага праекта акадэміі будзе гучаць музыка Я.А.Глебава з савецкіх кінафільмаў, знятых на кінастудыі “Беларусьфільм” у 1960 – 70-я гады: “Пасля кірмашу”, “Вясновая казка”, “Апошняе лета дзяцінства”, “Траянскі конь”, “Тры вясёлыя змены”, “Леташняя кадрыля”, “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Я родам з дзяцінства”, “Саша-Сашанька”.

Рэалізацыя гэтага творчага праекта дазволіць студэнтам акадэміі прадэманстраваць шырокім колам слухачоў свае творчыя поспехі, будзе спрыяць прапагандзе творчасці маладых талентаў Беларусі і садзейнічаць папулярызацыі дасягненняў нацыянальнай музычнай культуры і захаванню творчай спадчыны Я.А.Глебава.

Сардэчна запрашаем усіх зацікаўленых наведаць мерапрыемства творчага праекта!

Поделись с друзьями