Гродзенцы вылівалі нечыстоты проста ва ўласных дварах: як нашы продкі выкідвалі смецце і куды дзяваліся адходы
Усе мы памятаем кнігі ды фільмы пра тое, як у сярэдневяковай Еўропе людзі маглі выліваць адходы сваёй жыццядзейнасці проста на вуліцу. Выглядае, што хадзіць пад балконамі дамоў было калі не небяспечна, то дакладна рызыкоўна.
Ці так усё было насамрэч і што адбывалася са смеццем у беларускіх гарадах? Высвятляе Onliner.by.
Даведацца пра «цёмны» бок жыцця беларусаў нам дапамагае Дар’я Гардзейчык, стваральніца маладога інстаграм-праекта «Альтэрнатыўны Музей» з некананічным падыходам да гісторыі, культуры і мастацтва Беларусі.
Напачатку заўвага. Калі вы зараз прымаеце ежу, лепей адкласці яе ці прачытанне гэтага тэксту на пасля, бо рызыкуеце перабіць сабе апетыт.
— Аж да канца XIX стагоддзя сітуацыя, што апісана ў першым абзацы, была падобнай і ў Расійскай імперыі. Мы можам уявіць нашых дзеячаў беларускага адраджэння, усіх гэтых інтэлігентных і добра апранутых людзей… Але не можам уявіць, што яны хадзілі па прыгожых брукаваных вулачках Вільні, Мінска і Гродна ў пастаянным суправаджэнні смуродных водараў, — пачынае Дар’я.
З чым гэта было звязана? Насамрэч у плане санітарна-гігіенічных тэндэнцый беларускія гарады на дзесяцігоддзі адставалі ад буйных еўрапейскіх. У гарадах Віленскай, Гродзенскай, Віцебскай і Магілёўскай губерній у канцы XIX — пачатку XX стагоддзя выкарыстоўвалі самыя простыя спосабы збору і выдалення бытавых адходаў.
Як кажа Дар’я, якія-ніякія каналізацыі з’яўляюцца толькі ў Вільні. А да гэтага — ў сярэднявеччы — у Гродне яны ўжо існавалі, хоць і прымітыўныя драўляныя. З прыходам Расійскай імперыі сітуацыя ў плане санітарыі пагоршылася. Да пачатку XX стагоддзя ўжо былі тэлеграфы і ездзілі цягнікі, а мы збіралі адходы жыццядзейнасці прымітыўным спосабам.
Асноўную работу па вывазе нечыстотаў выконвалі так званыя асенізатары, а галоўнымі месцамі збору былі выграбныя ямы, адкуль і выкачваліся біялагічныя адходы для наступнага вывазу.
— Як казаў вядомы санітарны ўрач Пятро Белавусаў, сітуацыя з тымі ямамі была вельмі благой — і амаль уся Расійская імперыя была занятая такімі месцамі, — гаворыць Дар’я. — Але ж у канцы XIX — пачатку XX стагоддзя нейкі працэс мадэрнізацыі адбыўся, таму што некаторыя санітарна-гігіенічныя нормы былі ўведзены ў заканадаўства. Тым не менш на лад жыцця нават насельніцтва буйных гарадоў гэта не надта паўплывала.