Сям’я гродненцаў працуе цыркавымі гімнастамі на круізных лайнерах — і чакае канца эпідэміі на караблі

В странеОбщество
0
0
Поделись с друзьями

Беларусы Сяргей і Вольга Даргель працуюць паветранымі гімнастамі на круізным лайнеры. Кажуць, гэта мара — выступаць з уласным нумарам у цырку і вандраваць па свеце. 

Цяпер яны за акіянам, у горадзе Галвестан амерыканскага штата Тэхас. Там у порце прышвартаваны іх лайнер, дзе пара праводзіць каранцін у чаканні часу, калі можна будзе вярнуцца дадому.

Пра працу за мяжой, пенсію ў гімнастаў, 13 гадоў шлюбу і самаізаляцыю на караблі Сяргей і Вольга расказалі «Нашай Ніне».

«Два беларусы сустрэліся на другім баку Зямлі»

У прафесію кожны з іх прыйшоў сваім шляхам. Сяргей усё жыццё прысвяціў спартыўнай гімнастыцы. Марыў выступаць на арэне цырка. Паступіў на факультэт фізічнай культуры ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, а на трэцім курсе атрымаў магчымасць паехаць працаваць за мяжу — акрабатам у цыркавым шоу на Тайвані. Праўда, праз год вярнуўся, каб скончыць універсітэт.

Вольга займалася танцамі. Яна балетмайстар па адукацыі, скончыла ўніверсітэт культуры ў Менску. І амаль адначасова з Сяргеем адправілася працаваць за мяжу.

«Так мы і сустрэліся — два беларусы на другім баку Зямлі, — усміхаецца Сяргей і ўспамінае, што для яго гэта была першая далёкая вандроўка. — Падабалася ўсё, што я бачыў. Экзотыка: пальмы, акіян, ежа — я такіх страў ніколі не каштаваў».

На Тайвані пара працавала ў вялізным забаўляльным парку, падобным да Дыснейлэнду. Кажуць, было вельмі цяжка. У міжнародным калектыве трэба было размаўляць па-ангельску і нават трохі ведаць кітайскую мову.

Працоўны дзень пачынаўся а 7 гадзіне раніцы і канчаўся а 19. За гэты час артысты паспявалі зрабіць два ці тры шоу і адзін «Парад» — прадстаўленне накшталт карнавалу праз увесь парк.

Тады ж Сяргей і Вольга задумаліся над ідэяй сумеснага праекта — так было зручней працаваць. Знайшлі цыркавога рэжысёра з Кіева і два месяцы трэніравалі нумар — праз боль, слёзы і перамогі над сабой.

«Галоўная задача любога цыркавога нумара — рабіць вельмі складаныя і небяспечныя трукі з такім выглядам, як быццам гэта зусім не цяжка. Таму асноўнай праблемай быў страх перад тым, што ніколі не рабіў. Каб пачаць выконваць адзін вельмі складаны трук, спатрэбілася два тыдні. А зараз мы яго робім амаль кожны дзень і нават нічога не адчуваем.

Праца на кожным рэквізіце напачатку выклікае боль, пакуль ты да яго не прызвычаішся, а некаторыя трукі заўсёды балючыя, незалежна ад таго, колькі разоў ці гадоў гэта выконваеш. Ад гэтага напачатку было вельмі складана. Усё цела балела і было пакрыта сінякамі», — успамінае пара.

Пасля — куча кастынгаў. На адных беларусы ўдзельнічалі асабіста, на іншыя дасылалі запіс свайго нумару па інтэрнэце. Прапанову чакалі амаль два гады (увесь гэты час Сяргей і Вольга працавалі паасобку). Нарэшце адгукнулася адна з круізных кампаній і запрасіла іх на свой борт.

Карабель на 6 тысяч чалавек з тэатрам і лядовай арэнай

Лайнер, на якім працуюць беларусы, курсіруе па Карыбскім басейне і выглядае як маленькі горад. Карабель змяшчае 5000 гасцей і 1200 супрацоўнікаў.

Там ёсць усё: казіно, рэстараны, спа-салоны, крамы duty free, басейны, лядовая арэна, вялізны тэатр на больш за тысячу месцаў… Нават цэх па перапрацоўцы смецця і штучная марская хваля для сёрфінгу!

Сяргей і Вольга расказваюць, як выглядаў іх працоўны графік да эпідэміі.

«Звычайна за адзін круіз (ён цягнецца тыдзень) мы ўдзельнічаем у чатырох шоу. Але гэта толькі тое, што бачаць госці. Шмат чаго адбываецца на бэкстэйджы. Перад кожным шоу ёсць свае тэхнічныя прагоны — гэта такое ж шоу, толькі без касцюмаў і грыму. Таксама ёсць абавязковыя рэпетыцыі, як з усім калектывам, так і выключна для нас. У дадатак да ўсяго — трэнажорная зала: праца на сілу, гібкасць, кардыятрэніроўкі.

Апроч таго, што мы робім па нашай прафесіі, мы маем яшчэ некалькі абавязкаў. Самы галоўны — гэта бяспека на лайнеры. Кожны тыдзень праходзяць вучэнні, у якіх удзельнічаюць усе супрацоўнікі».

Публіка на лайнерах падарожнічае розная. На Раство ці Новы год у круізы адпраўляюцца вельмі багатыя людзі, у звычайную пару — сярэдні клас. На часы канікул становіцца больш моладзі, а ўвосень — пенсіянераў.

Як выглядае каранцін на лайнеры

На каранціне артысты з 15 сакавіка.

«Ва ўсім свеце круізныя кампаніі добраахвотна пагадзіліся на часовае прыпыненне дзейнасці ў сувязі з каранавірусам. Мы знаходзімся на караблі і не працуем. Кампанія вельмі добра клапоціцца пра нас і адначасова шукае шляхі, каб нас даставіць дадому. Але, у сувязі з тым, што ва ўсім свеце спыніліся авіязносіны, гэта амаль немагчыма», — расказваюць беларусы.

На караблі застаўся толькі персанал. Спачатку усе правялі 14 дзён у самаізаляцыі, пасля дазволілі выходзіць на палубу, але прымаючы меры бяспекі — у масцы і на дыстанцыі два метры.

Ежы хапае. Адкрыты вялізны рэстаран для ўсіх, кафэ, крама з усім неабходным, бар.

Сяргей і Вольга на каранціне занятыя трэніроўкамі. Расцяжка, фітнес — усё, каб заставацца ў добрай форме.

«Сярэдні ўзрост, калі цыркавыя гімнасты сыходзяць на пенсію, — 40 гадоў»

Паветраныя гімнасты выступаюць на вышыні да 8-10 метраў.

«Зразумела, страшна, — не хаваюць яны. — Дзеля таго мы і рэпеціруем, каб больш кантраляваць тое, што робіш. Кожны цыркавы нумар, які звязаны з рызыкай, павінен быць вельмі адпрацаваным.

Калі што-небудзь ідзе не так падчас нумара, потым мы заўсёды разбіраем: чаму так атрымалася, якія варыянты могуць узнікнуць яшчэ, і галоўнае — як гэта выправіць. Гэта бясконцая «паліроўка». І нават яна не гарантуе дасканалага перформансу».

Каб трымаць працоўную вагу, даводзіцца абмяжоўваць сябе ў прысмаках.

«Дэсерты я ем вельмі рэдка, — кажа Вольга.— Харчаванне — гэта палова поспеху. Правільная дыета, простымі словамі, дапамагае нарошчваць мышачную масу і дае энергію».

Да якога ўзросту звычайна працуюць цыркавымі гімнастамі? Сяргей тлумачыць, што гэта залежыць ад многіх фактараў — здароўя, магчымасці вытрымліваць высокія нагрузкі і хутка аднаўляцца пасля іх, траўм, атрыманых за кар’еру.

«Сярэдні ўзрост, калі асноўная колькасць артыстаў сыходзяць, гэта 40 гадоў, — дзеліцца назіраннямі Сяргей. — Пасля ва ўсіх свой шлях. Хто пачынае свой бізнэс, ніяк не звязаны з арэнай, хто застаецца ў цыркавым мастацтве ў якасці рэжысёра або агент-менеджара, хто працуе трэнерам у фітнес-клубе».

«Пачалі вандраваць па свеце, калі дачцэ быў адзін год»

Разам Сяргей і Вольга ўжо 15 год, з іх 13 — у шлюбе.

«У многіх сяброў ўзнікае пытанне: як можна і працаваць, і жыць разам? Так, гэта вельмі складана. Але прафесія паветраны гімнаст мае на ўвазе давер паміж партнёрамі, якога не атрымаць, калі ты не ў блізкіх адносінах. Толькі так можна даверыць сваё жыццё ў іншыя рукі», — разважаюць артысты.

Іх дачка Ліза ходзіць у шосты клас гарадзенскай гімназіі. Даглядаць яе, пакуль бацькі працуюць у круізах, дапамагаюць сваякі.

«Мы пачалі працаваць і вандраваць па свеце, калі ёй быў адзін год. Па магчымасці стараліся браць яе з сабою — аднойчы дачка нават была з намі ўвесь кантракт. Цяпер, у сувязі з вучобай, так не зробіш. Калі атрымліваецца, то бяром яе на летнія канікулы», — дзеляцца бацькі.

Але, заўважаюць, дачка не вельмі цікавіцца цыркавым мастацтвам — больш любіць маляваць. А з усіх відаў спорту пакуль спынілася на футболе.

«Сустрэлі амерыканца, у якога на ранча ёсць трактар «Беларус»

За мяжой артысты праводзяць 5-8 месяцаў на год. Па іх назіраннях, за акіянам пра Беларусь ведае няшмат людзей — многія нават назву не чулі. Але бываюць і выключэнні.

«Аднойчы мы сустрэлі амерыканца, які пачаў распавядаць, што на ягоным ранча ёсць трактар «Беларус», які ён набыў у 1990 годзе. І ён дагэтуль працуе! — згадвае той выпадак Сяргей. — З нашага боку мы заўсёды стараемся расказаць пра нашу краіну. Распавядаем, якая яна прыгожая і мае доўгую гісторыю. І вучым гаварыць пару слоў на нашай мове».

На амерыканскім ўзбярэжжы беларусы сумуюць па сваяках, родным горадзе і магчымасці пагуляць з сабакам (у Гродне іх чакае цвергшнаўцэр).

«Падчас круізаў не хапае таксама прагулак па вуліцы. Мы маем абмежаваны час, калі можам выйсці на бераг, таму што лайнер адплывае з порту па графіку і нельга спазняцца. Увесь астатні час мы на лайнеры. Сумуем па дамашняй ежы. Тут добрая ежа, не зразумейце мяне няправільна, проста яна іншая.

А яшчэ сумуем па нашай прыродзе. Пальмы, мора — гэта добра, аднак беларуская прырода ўнікальная і часам яе не хапае».

Следите за нами в Telegram , Viber и Яндекс Дзен
Знаете новость? Пишите в наш Telegram-бот. @Newgrodno_feedbackbot

Добавить комментарий

Close