Як беларусы ў 30-я хацелі «краіну для жыцця» і што з гэтага выйшла

В странеОбщество
0
0
Поделись с друзьями

Назва можа падацца чытачу правакацыйнай ці маніпулятыўнай, але супадзенні ў гісторыі супрацьстаяння ўлады і грамадства ў Заходняй Беларусі 1930-х і сёння часам проста ўражваюць. Ніжэй — аб’ёмны лонгрыд, які вы, хутчэй за ўсё, не дачытаеце да канца, а дарэмна!


На могілках у невялічкай вёсцы Алекшыцы — усяго некалькі надмагілляў, падпісаных па-беларуску, пiша budzma.by. Адно з іх належыць Леаніду Салаўю, якому ў жніўні 1930-га было ўсяго 13 гадоў. Ягоны брат Барыс быў старэйшы і паспеў уступіць у КПЗБ. Калі жнівеньскай ноччу ў вёску прыехала польская паліцыя, Барыс з дзяўчынай выскачылі ў акно і збеглі. Перайшлі мяжу і апынуліся ў БССР. Барыс Салавей працаваў у Крычаве на заводзе. Пісаў родным. У 1934-м лісты перасталі прыходзіць… Леанід Салавей назваў сына ў гонар брата: Барыс. Той вырас і паставіў яму помнік з беларускамоўнай эпітафіяй.

Да чаго гэты ўступ? Да таго, што падзеі крывавага Алекшыцкага фэсту, якім сёлета спаўняецца 90 гадоў, як, зрэшты, і ўся гісторыя супрацьстаяння ў Заходняй Беларусі таго часу сёння цалкам забытая. Выцертая з памяці. Рэдкі напамін — надмагіллі ўдзельнікаў або іх сваякоў па вёсках, дзе цяпер жыве па тры бабулькі. Яшчэ ў пасляваеннай БССР Машэраву ці Мазураву быў патрэбны брэнд «Беларусі-партызанкі». А вось пра «Заходнюю Беларусь — змагарку» успамінаць не хацелася.

Сёння пра КПЗБ зрэдку кажуць хіба праўладныя гісторыкі кшталту Марзалюка. У кантэксце гераічнага Прытыцкага ды «панскай Польшчы». І тут хутчэй не пра беларусаў, а пра даброты савецкага ладу і антызаходнюю рыторыку. Іронія лёсу ў тым, што сучасная беларуская дзяржава паводле парадкаў як дзве кроплі вады падобная на міжваенную аўтарытарную Польшчу, супраць якой акурат і змагаліся дзеячы КПЗБ, «Грамады», ТБШ ды іншыя неабыякавыя беларусы.

Агітацыйныя матэрыялы КПЗБ (2).jpg

Агітацыйныя матэрыялы КПЗБ

Польшча, якую мы страцілі?

Зразумела, калі параўноўваць міжваенную Польшчу і СССР, першая была надзвычай дэмакратычнай дзяржавай. У 1918-м яна засноўвалася як дэмакратыя: з падзелам уладаў, з выбарчым правам для жанчынаў, усіх маёмасных слаёў і ўсіх нацыянальнасцяў. Польшча была парламенцкай рэспублікай, дзе прэзідэнт меў менш правоў, чым прэзідэнт Польшчы сёння.

Але ўжо ў 1920-я ўсё пачало змяняцца. Пасля травеньскага перавароту 1926-га да ўлады прыходзяць Пілсудскі і ягоная каманда. Адгэтуль ён галоўнакамандуючы, хоць прэзідэнтам так і не стаў. Навошта, калі ён можа прызначаць прэзідэнтаў?.. Тую ўладу называлі «ўладай палкоўнікаў» — былых легіянераў, якія лічылі сябе пакрыўджанымі і неацэненымі ў пачатку 1920-х. Пачынаецца закручванне гаек і абмежаванне правоў. Польшча ператвараецца ў аўтарытарную дыктатуру з папулісцкай рыторыкай: зараз набудуем школаў і дарогаў, наша войска самае моцнае і г. д.

Сусветны эканамічны крызіс 1929-га дайшоў сюды не адразу. Пікам можна лічыць 1933 год. Заходняя Беларусь адносілася да т. зв. «Польшчы Б» — ці не самага занядбанага аграрнага кавалку дзяржавы. Калі ўдарыў крызіс, беларуская вёска выбухнула… Сёння шмат хто любіць ідэалізаваць жыццё ў заходнебеларускай правінцыі да 1939-га, але насамрэч гэта і зямельны голад, і беспрацоўе, і безграшоўе. Уявіце сабе сітуацыю, калі маладому хлопцу проста няма ні зямлі, ні працы ў вёсцы. У гарадах працы таксама не хапае, яны перанаселеныя, там дамінуюць габрэі.

Дадамо нацыянальны прыгнёт: закрыццё беларускіх школаў. Калі сёння беларускамоўную адукацыю можна лічыць забабонам невялічкага адсотку насельніцтва, то ў той час вёска спрэс размаўляе па-беларуску. Але дзецям не даюць вучыцца на мове штодзённага ўжытку. Яшчэ дадамо цяжкасці з кар’ерным ростам у дзяржаўнай сферы проста таму, што ты беларус. Бо беларус — гэта апрыёры «камуніст» і «чалавек другога гатунку»… Усё гэта і справакавала супрацьстаянне, рэй у якім вялі «Грамада», пасольскі клуб «Змаганне», ТБШ і, урэшце, КПЗБ.

Косаўскі расстрэл

Адным з першых прэцэдэнтаў быў т. зв. «косаўскі расстрэл» у лютым 1927 года. Сёння Косава — соннае мястэчка, вядомае хіба дзякуючы Касцюшку. Раней — цэнтр павета, да якога адносіліся нават Івацэвічы. Усё здарылася праз тыдзень пасля арыштаў у справе «Грамады». Як і шмат дзе ў Заходняй Беларусі, на плошчы арганізаваўся стыхійны мітынг. Людзі тады былі звыклыя адбіваць затрыманых у паліцыі. Добра пра гэта ўспамінае Валянцін Таўлай: калі ён быў падлеткам і бацьку забіралі, то вясковыя людзі атачылі паліцыянтаў, сцягнулі бацьку з саней, а той яшчэ ўгаворваў сваіх абаронцаў разысціся, каб не было страляніны.

Гэтаксама было і ў Косаве, адно што без стрэлаў не абышлося. Калі пачалася штурханіна, паліцыя пачала страляць. Вядома, што загінула шасцёра сялянаў. Пра колькасць параненых сказаць цяжка. Ніхто яшчэ не ведаў, што «косаўскі расстрэл» — гэта толькі пачатак, першая ластаўка..

Кірмашы ў Заходняй Беларусі 30-х часта ставалі месцамі мітынгаў і боек .jpg

Кірмашы ў Заходняй Беларусі 30-х часта ставалі месцамі мітынгаў і боек

Алекшыцкі фэст

19 жніўня 1930-га ў Алекшыцах меўся адбыцца фэст. Гэта звычайная справа для вёскі: свята ў царкве, а на рынку — кірмаш і народныя гулянні. Справа, аднак, набыла палітычны кірунак: на фэст прыехалі паслы Сойма з беларускага клуба «Змаганне», Дварчанін і Валынец. Яны ўжо былі звязаныя з КПЗБ і ведалі, што зусім хутка Пілсудскі распусціць Сойм, пачнуцца рэпрэсіі, і статус пасла не ўратуе. На ўсіх «няправільных» паслоў ужо былі заведзеныя справы, якія толькі чакалі часу…

Паслы пачалі прамаўляць да натоўпу, у якім было каля дзвюх тысяч чалавек. Паліцыя, роўна як цяпер падчас мітынгаў, пачала прабівацца праз натоўп, каб выхапіць завадатараў. Людзі не разгубіліся, пабралі калы ды аглоблі — пачалася бойка. Спачатку паліцыянты стралялі паверх галоваў: кажуць, на званах царквы ў Алекшыцах захаваліся шчарбіны ад куляў 90-гадовай даўніны. Пасля пачалі страляць у людзей: двое загінула. Натоўп збіў паліцыянтаў на горкі яблык, але забітых з іх боку не было.

Валынец з Дварчанінам спрабавалі з’ехаць у Гродна, але былі затрыманыя ў Індуры, на пад’ездзе да горада. Каардынацыя праз тэлефон у паліцыі ўжо працавала. Больш яны свабоды не бачылі: Сойм быў распушчаны праз 10 дзён, асудзілі іх, сучаснай мовай кажучы, за «масавыя беспарадкі» і «гвалт у дачыненні да паліцыі». Маўляў, Дварчанін меў рэвальвер і страляў. Зразумела, гэта была хлусня. Пазней іх абмянялі ў БССР, а там расстралялі НКУСаўцы. Атрымліваецца, Алекшыцы — апошняе, што яны бачылі на свабодзе на беларускай зямлі.

Для жыхароў Алекшыцаў фэст таксама меў наступствы. Сябар-гісторык Андрэй Вашкевіч, які заспеў жывога сведку тых падзеяў, пераказвае ягоныя словы: уначы прыехала паліцыя на аўтобусах і конях. Усе актывісты ТБШ, «Грамады», КПЗБ, якія, вядома, былі «на алоўку», арыштаваныя. Людзям ламалі пальцы ў дзвярах (і гэта не метафара) або звязвалі ды скідвалі са стала на падлогу, каб арыштаваны ўдарыўся спінай і галавою… Гісторыя пра Барыса Салаўя, прыведзеная ў самым пачатку, — акурат пра тую ноч. Такія наезды паліцыі мелі назву «пацыфікацыя».

Агітацыйныя матэрыялы КПЗБ (1).jpg

Агітацыйныя матэрыялы КПЗБ

Асташынскае паўстанне

Яшчэ адным кейсам, які падымаў вёску на пратэст у тыя часы, былі канфіскацыі. Напрыклад, чалавек не мог сплаціць падаткі, і да яго ў хату прыходзілі «экзекутары». Уваходзілі на падворак і забіралі ўсю маёмасць: ад посцілак і дываноў з куфра да курэй і сячкарні. Пасля тое прадавалася як канфіскат на галоўным пляцы ў вёсцы ці мястэчку. КПЗБоўцы папярэджвалі: набудзеце канфіскат — спалім хату. За тое ж судзілі і ксяндза Гадлеўскага, які прамаўляў да сваіх парафіянаў у Жодзішках, маўляў, набудзеце канфіскат — у касцёл не прыходзьце.

Дык вось, у сакавіку 1932 года ў Асташын пад Наваградкам прыехалі экзекутары забіраць майно ў чалавека. Людзі кінуліся бараніць суседа: збілі экзекутараў, майно забралі. Праз некалькі дзён па той жа справе прыехала ўжо паліцыя, але нехта з сялян кінуўся галасіць: «Пажар-пажар!» Начальнікам пажарнай аховы быў сябар КПЗБ, які пачаў біць у рэйку: гэта быў сігнал выходзіць. Людзі выйшлі, збілі паліцыянтаў, тыя збеглі ў найбліжэйшы маёнтак, які сяляне ўзялі ў аблогу…

Уначы прыехала каля сотні паліцэйскіх: пачалася зачыстка ва ўсіх навакольных вёсках. У в. Нясутычы, калі паліцыя пачала ламіцца ў хаты, збеглі ў лес некалькі хлопцаў, сябраў КПЗБ. Яны хаваліся, а іх лавілі як «банду дыверсантаў»: упалявалі адно ў чэрвені, праз некалькі месяцаў. Апошняга, Івана Бахара, які хаваўся па бліндажах Першай сусветнай, здаў паліцыі мясцовы настаўнік-паляк. Бахар адстрэльваўся, яго паранілі і ўзялі жыўцом: пры сабе знайшлі «боекамплект» — вінтоўку і друкарку, каб друкаваць улёткі.

У Наваградку прайшло паседжанне ваенна-палявога суда, які ўсім вынес смяротны вырак: хлопцаў павесілі на лейцах. Бахара неслі да месца экзекуцыі на вінтоўках, бо ў таго былі прастрэленыя абедзве нагі… Агулам жа са 100 схопленых пад Асташынам сялянаў палова атрымала 5 гадоў зняволення: проста ўявіце — цэлая вёска «села». Шмат хто сядзеў і даўжэй, а выйшаў толькі ў 1939-м. Янка Брыль пісаў, маўляў, трох хлопцаў вызвалілі, яны вярталіся дахаты, і… двое забілі трэцяга. Чаму? Бо думалі, што правакатар. А ці сапраўды так? Ніхто ўжо не ведае.

KP-15193.jpg

Агітацыйныя матэрыялы КПЗБ

Кобрын, Нарач, Рагачэўскі…

Апошнім гучным акордам у гэтай гісторыі было т. зв. кобрынскае паўстанне ў жніўні 1933-га. Сяляне канфліктавалі з мясцовым памешчыкам і ўзяліся за зброю. Цікава, што сагітавала іх камуністка Рэгіна Каплан. Сяляне вырушылі некалькімі калонамі і паспрабавалі захапіць паліцэйскі ўчастак: усчаўся сапраўды бой. Раніцай да паліцыянтаў прыехала падмога, і сялянаў разагналі. Цікава, што хлопцам, якія ўдзельнічалі, далі пажыццёвае, а вось Рэгіне Каплан — 15 гадоў зняволення (жанчын не каралі смерцю). Яшчэ цікавей, што пані Рэгіна выжыла, перажыла вайну і стала… супрацоўніцай Службы бяспекі ў паваеннай Польшчы часоў Берута.

Падобная гісторыя лакальнага канфлікту была ў 1935-м на Нарачы, калі рыбакі паўсталі супраць памешчыка Яблонскага, якому ўлады здалі ў арэнду возера. Мясцовыя гадамі лавілі там рыбу, а тут — забарона… Рыбакі разграмілі майно Яблонскага, лодкі, нейкія пабудовы, але да крыві не дайшло. Улады зрабілі мудра і нават «далі заднюю»: дазволілі людзям лавіць рыбу. Пра тыя падзеі Максім Танк напісаў сваю паэму «Нарач».

Вышэйапісаныя падзеі найбольш масавыя і крывавыя. Было шмат кропкавых выпадкаў і «партызанаў-самотнікаў». Ці не самы вядомы з іх — Казімір Рагачэўскі, дарэчы, сваяк майго сябра, з якім мы вучыліся на гістфаку. У 1932-м ці 1933-м яго спыніла паліцыя, а Рагачэўскі дастаў пісталет: аднаго паліцыянта моцна параніў, іншага забіў. Яго доўга шукалі па лясах, ён хаваўся… пакуль не здаў нехта з мясцовых. У Мазанова ля Котры Рагачэўскага акружылі ў нейкім бліндажы. Стралялі, закідвалі гранатамі, той адстрэльваўся, але апошнюю кулю пакінуў сабе. Пра лёс Рагачэўскага мясцовыя людзі пасля складалі песні.

Казімір Рагачэўскі —легендарны баявік КПЗБ.jpg

Казімір Рагачэўскі —легендарны баявік КПЗБ

Кругаварот смерці: 1939, 1941, 1944…

У 1930-я шмат хто з беларусаў, якія жылі ў польскай дзяржаве, абраў шлях радыкальнага супраціву. Так яны дамагаліся сваёй «краіны для жыцця». Гэта быў адказ на празмернае ўжыванне сілы польскімі ўладамі. Адказ, які таксама падаграваўся з усходу. Ці паўстала пасля 1939 года на гэтых землях тая «краіна для жыцця», пра якую яны марылі?.. Думайце самі. Лёс Дварчаніна і іншых збеглых у БССР сябраў КПЗБ яшчэ да 1939-га пра нешта сведчыць.

Польскія гісторыкі сёння схільныя падаваць тыя падзеі выключна як барацьбу з «дыверсантамі з усходу». Так, быў фактар савецкага ўплыву, СССР гэта было выгадна. Але паверыць, што ўсе маладзёны, якія ў 1930-я выходзілі на мітынгі, штурхаліся ці нават стралялі ў паліцыянтаў, а пасля сплёўвалі крывёю ў пастарунках і турмах, — «савецкія агенты», проста немагчыма.

А яшчэ важна адзначыць, што гвалт заўсёды мае працяг. Забойства — гэта не канец, а толькі пачатак. У 1939-м сваякі забітых і тыя, каму ў пастарунках паліцыі адбівалі ныркі, прыйшлі забіваць сваіх крыўдзіцеляў у шэрагах «народнай міліцыі». А ўжо ў 1941-м сваякі тых, да каго прыйшлі ў 1939-м, зноўку прыйшлі да сваіх ворагаў. А ў 1944-м… І так да бясконцасці.

Мабыць, гэта адвечнае пытанне: калі ўлада празмерна выкарыстоўвае сваю манаполію на гвалт, ці трэба на тое адказваць гвалтам? І ці ўсведамляе той, хто ўжывае гвалт, што такім чынам запускае кругаварот смерці. Бо кругаварот — гэта заўжды па коле. І заўжды пра вяртанне.

Следите за нами в Telegram , Viber и Яндекс Дзен

Добавить комментарий

Close