Лiда рыхтуецца прыняць рэспублiканскае свята — XXXII Дзень беларускага пiсьменства. 6 — 7 верасня горад стане галоўнай пляцоўкай, якая аб’яднае пiсьменнiкаў, навукоўцаў, мастакоў i ўсiх, хто шануе роднае слова. Новыя арт‑аб’екты, мурал з партрэтам Янкi Купалы, хор‑фэст, новы турыстычны маршрут — чым яшчэ ўразяць Лiда i лiдчане, даведалася карэспандэнт «СБ».
Свята пачынаецца з чысцiнi
На Гродзеншчыне Дзень беларускага пiсьменства прымалi Навагрудак, Мiр, Смаргонь, Шчучын, Слонiм. Лiда — у прадчуваннi вялiкай падзеi. Шмат увагi ўдзяляецца добраўпарадкаванню. Урачыстасць моманту адчуваецца на кожным кроку. Бялюткiя вазоны з кветкамi ўздоўж цэнтральных вулiц, вертыкальны ландшафтны дызайн, абноўленыя фасады будынкаў, новыя арт‑аб’екты, яркiя фотазоны… Асаблiвая ўвага — гiстарычным месцам. Яны становяцца жывымi дэкарацыямi для свята. Усiмi любiмая пешаходная вулiца пакуль абмежавана для руху, але неўзабаве яна сустрэне гараджан i гасцей абноўленай. Актыўна вядуцца рамонтныя работы вакол замкавага возера. Акурат ля магутных сцен Лiдскага замка з’явяцца дарожкi для пешаходаў i веласiпедыстаў, малыя архiтэктурныя формы. Абяцаюць, што зоны адпачынку ўразяць кожнага.
Дарэчы, лiдчане ўжо адпачываюць на незвычайных арт‑аб’ектах, якiя з’явiлiся на бульвары Гедымiна дзякуючы конкурсу «Арт‑лаўка». Прадпрыемствы i арганiзацыi раёна падаравалi гораду эксклюзiўныя лаўкi. На адной можна адпачыць разам з рыцарам, на другой — пачытаць летапiс з птушкай, на трэцяй — абмяняцца кнiгамi. Усяго ў горадзе з’явiцца 25 такiх арт‑аб’ектаў.
Лiдчане i госцi горада абавязкова ацэняць маршрут турыстычнага падарожжа «Месцы сiлы Лiдскага раёна», якi распрацавалi ў Лiдскiм раённым турыстычным iнфармацыйным цэнтры. У маршрут уваходзiць шэраг аб’ектаў, якiя да гэтай пары не былi ў полi зроку турыстаў: самая старая каменная царква на Лiдчыне ў вёсцы Мыто (1866 г.), драўляная царква ў в. Бабры (1810 г.), побач з якой знаходзiцца камень‑следавiк.
Сiла слова
Лiда ўсё больш напаўняецца ўрачыстым настроем.
— Старт святочным мерапрыемствам дасць рэспублiканская навукова‑практычная канферэнцыя «Лiдскiя чытаннi — 2025». У канферэнцыi возьмуць удзел 21 дакладчык, тры з якiх — супрацоўнiкi Лiдскага гiсторыка‑мастацкага музея, — распавядае начальнiк аддзела культуры Лiдскага райвыканкама Наталля Леўшунова. — Упершыню ў Лiдзе адбудзецца фестываль‑конкурс «Лiдскi хор‑фэст». Свае песнi прадставяць харавыя калектывы i вакальныя ансамблi з усёй краiны. Яркiм будзе фiнал фестывалю‑конкурсу: запланавана выступленне зводнага хору ўсiх удзельнiкаў, якiя выканаюць разам Дзяржаўны гiмн Рэспублiкi Беларусь i песню «Куточак зямлi».
Лiдскi замак аб’ядноўвае
Сапраўдным цэнтрам прыцягнення i сiлы стане велiчны Лiдскi замак. Тут штодзённа праходзяць экскурсii, разам з тым супрацоўнiкi актыўна рыхтуюцца да шматлiкiх святочных мерапрыемстваў. Аматараў Сярэднявечча чакае незабыўнае культурна‑вiдовiшчнае мерапрыемства «Дзень сярэднявечнай культуры ў Лiдскiм замку». Будзе працаваць зброевая i гарбарная майстэрнi, сярэднявечныя кузня, кухня, рыцарскi лагер, лучны цiр. Не абыдзецца без гульняў i забаў.
Дзе паселяцца «Верабейкi»?
Людна будзе i ў доме лiдскага пiсьменнiка Валянцiна Таўлая — лiтаратурным аддзеле Лiдскага гiсторыка‑мастацкага музея.
З нагоды Дня беларусскага пiсьменства каля дома будзе адкрыты iнклюзiўны арт‑аб’ект «Верабейкi» — у гонар першага верша, якi напiсаў паэт. Аўтарам iдэi стаў мясцовы скульптар Рычард Груша. Аб’ект увасобiць разгорнутую кнiгу, на адной старонцы якой нанесены верш «Верабейкi» звычайнымi лiтарамi, а на другой — шрыфтам Брайля.
Па перыметры з’явяцца тры лаўкi з выявамi вераб’ёў. Дарэчы, шрыфт Брайля будзе выкарыстаны невыпадкова: у доме Таўлая рэалiзоўваецца iнклюзiўны праект «Перадай дабро па крузе».
Усе госцi змогуць убачыць фотаздымкi, рэчы, рукапiсы i дакументы паэта. Таксама ў доме Таўлая прадставяць унiкальныя калекцыi з фондаў Лiдскага гiсторыка‑мастацкага музея, кнiгi, якiя перавыдавалiся з 1933 года. Адметна, што адна з iх — за 1937 год — была падаравана Янкам Купалам падчас прыезду ў Лiду 14 сакавiка 1940 года гарадской бiблiятэцы. Такi ж асобнiк быў падараваны i Валянцiну Таўлаю.
Усе — у бiблiятэку!
Цiкавыя праекты рыхтуюць бiблiятэкi Гродзенскай вобласцi. На свяце будзе працаваць пляцоўка «Гродзеншчына: скарбы бiблiятэк i традыцыi роднага краю». Запланаваны выставы творчых работ, творчыя майстэрнi, сустрэчы з беларускiмi аўтарамi, цiкавыя акцыi. Упершыню пройдзе абласны конкурс бiблiятэчнага дэкору. Супрацоўнiкi бiблiятэк Гродзенскай вобласцi ўжо ствараюць унiкальныя кнiжныя вiтрыны, якiя адлюстроўваюць лiтаратурныя творы. Прывязуць у Лiду i выставу рукапiсных часопiсаў i газет часоў Вялiкай Айчыннай вайны з фондаў Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi.
Яркiм момантам свята стане адкрыццё абноўленай кнiжнай крамы i тэматычнага мурала на будынку Лiдскай раённай бiблiятэкi iмя Янкi Купалы.
Лёс народнага паэта Беларусi быў звязаны з Лiдай. Пасля далучэння Заходняй Беларусi да БССР 15 лютага 1940 года рабочыя i службоўцы Лiдскага чыгуначнага вузла на сваiм першым перадвыбарным сходзе, а пазней — уся працоўная Лiдчына вырашылi: «Вылучыць тав. Луцэвiча Iвана Дамiнiкавiча (Янку Купалу) кандытатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР i прасiць яго даць згоду балацiравацца па Лiдскай‑Слабадской выбарчай акрузе № 306 Беларускай ССР». Паэт выказаў сардэчную падзяку лiдчанам за аказаны давер. I ў кампанii iншых пiсьменнiкаў з Мiнска наведаў Лiду, правёў сустрэчы з выбаршчыкамi. Цяпер яго iмя носiць Лiдская раённая бiблiятэка. Сёння там iдуць рамонтныя работы.
Читайте также:
День белорусской письменности в 2025 году — в Лиде: экскурсии, выставки и литературные открытия