Веласіпеды, вядомыя на ўсю краіну — гісторыя стварэння ровараў «Нёман»

У 1893 годзе веласіпед стаў распаўсюджанай з’явай для гродзенскіх актывістаў.

Общество
Поделись с друзьями

Стагоддзе таму ў Гродне пачалі вырабляць веласіпеды. А пасля мапеды і матацыклы. Ровары “Нёман” з выявай Новага замка, а пазней зоркі і аленя былі вядомы на ўсю краіну, рассказывает Гродненская правда.

гісторыя стварэння ровараў «Нёман»

Паездкі, кругавыя гонкі, велатрэк

Нам, на жаль, невядома, калі ў горадзе над Нёманам з’явіўся першы веласіпед, але ў 1893 годзе новы сродак транспарту стаў ужо настолькі распаўсюджанай з’явай, што некалькі дзясяткаў гродзенскіх актывістаў звярнуліся да гродзенскага губернатара Д.Бацюшкова з просьбай зацвердзіць устаў Гродзенскага веласіпеднага таварыства.

Таварыства рэальна пачало сваю працу ў 1899 годзе і ставіла мэтай прапаганду навучання яздзе на веласіпедзе, распаўсюджанне веласіпеда як спартыўнага сродка і сродка транспарту, правядзенне спаборніцтваў, веласіпедных вандровак. У членаў таварыства быў нават спецыяльны значок з выявай залатога зубра – герба Гродзенскай губерні.

Цікава, што правілы руху на веласіпедзе былі даволі строгія, кожны веласіпедыст павінен быў мець на сваім жалезным сябры званок, ліхтар, рухацца па правым баку вуліцы з разумнай хуткасцю, а таксама спыняцца, пабачыўшы пахаронную працэсію ці рэлігійнае шэсце. Усе веласіпеды павінны былі быць зарэгістраваны ў гарадской управе і штогод атрымлівалі нумар. Дарэчы, нумары для веласіпедаў выдавалі ў Гродне да пачатку 1960-х гадоў.

У горадзе ў 1922 г. быў створаны велатрэк, а таксама рэгулярна праводзіліся велапаездкі ў бок Індуры, Скідзеля, Друскенік, Азёр. У міжваенныя гады існавала некалькі веласіпедных клубаў, якія арганізоўвалі веласіпедныя эстафеты, кругавыя гонкі па вуліцах Гродна, а таксама велагонкі ў бок Гожы і Азёр. Былі на іх і свае рэкорды. Адзін з найбольш тытулаваных гродзенскіх веласіпедыстаў Стэфан Кейко выйграў такую гонку ў 1929 годзе, праехаўшы 32 кіламетры за 61 хвіліну.

Ёсць попыт – ёсць вытворчасць

Такое захапленне веласі-педнай справай, а таксама распаўсюджанне веласіпеда як адносна недарагога транспартнага сродку і стала галоўным штуршком да ўзнікнення легендарнага гродзенскага прадпрыемства – фабрыкі веласіпедаў і матацыклаў “Нёман”. Яго гісторыя пачалася ў 1894 годзе, калі Нохум Старавольскі і Ісак Піваварскі заснавалі невялічкі завод металічных вырабаў. Завод гэты размяшчаўся на Новай вуліцы (цяпер вуліца Маладзёжная), на прыватнай зямлі сям’і Старавольскіх. Тут у сярэдзіне 1920-х ужо існавала крама Старавольскіх, дзе прадаваліся веласіпеды фірмы “Durkopp” і іншых прадпрыемстваў, швейныя машыны “Pfaff”, “Omega” і іншыя. Фабрыка таксама зарэгістравала цэлы шэраг гандлёвых найменняў: “Вілія”, “Спарта”, “Орбіс”, “Кадэт”, “Глобус” і, канешне, “Нёман”.

гісторыя стварэння ровараў «Нёман»

З часам да Нохума Старавольскага далучыўся яго сын Лазар, які яшчэ да Першай сусветнай вайны навучаўся ў Харкаўскім тэхналагічным інстытуце. У пачатку 1930-х гадоў яны пашырылі сваё прадпрыемства і вырашылі заняцца вытворчасцю. Старавольскія выкупілі будынак па вуліцы Брыгіцкай, 20 (цяпер К. Маркса, самы вугал з вуліцай Маладзёжнай). Гэты дом з’яўляўся маёмасцю сям’і Тропаў і быў моцна разбудаваны ўглыб вуліцы. Старавольскі грунтоўна рэканструяваў дом Тропаў пад прамысловае прадпрыемства. Менавіта з гэтым месцам звязаны найлепшыя гады фабрыкі веласіпедаў і матацыклаў.

У сярэдзіне 1930-х гадоў фабрыка за год вырабляла каля дзесяці тысяч веласіпедаў розных мадэляў. Па сваёй канструкцыі і якасцях яны мала адрозніваліся ад найлепшых замежных узораў. Веласіпеды былі пафарбаваны ў чорны колер з чырвоным і зялёным аздабленнем. Скураныя сёдлы да іх прывозілі з Латвіі.

0-43277.jpg

Мапеды і “соткі”

У 1934 годзе на фабрыцы пачалі выпускаць мапеды з рухавікамі нямецкай вытворчасці. Па сутнасці гэта былі тыя ж веласіпеды, на якія ўсталёўваўся рухавік. Цікава, што мапеды выраблялі ў двух варыянтах: дамскім і мужчынскім. Адрозніваліся яны формай рамы.

Праз два гады з цэха фабрыкі выйшлі першыя матацыклы. Матацыклы фабрыкі “Нёман” былі так званымі “соткамі”, гэта значыць, мелі аб’ём рухавіка каля 100 см3. На матацыклы ставіліся англійскія рухавікі маркі “Villiers”. Максімальная хуткасць “соткі” дасягала 70 км/г, расход паліва – 2,25 л на 100 км, дапушчальная нагрузка – 150 кг. Матацыкл быў фактычна аднамесны, аднак пры ўсталяванні на багажнік дадатковага сядла на ім можна было размясціць пасажыра. Яшчэ адным козырам “соткі” было тое, што ўладальнік не павінен быў атрымоўваць правы на ўпраўленне гэтым транспартным сродкам, што было ўжо абавязковым у выпадку з матацыкламі з большым аб’ёмам рухавіка.

Вытворчасць развівалася даволі хутка. Калі ў 1936 годзе было выраблена 100 матацыклаў, то ў 1938 г. ужо 166. Вясной 1939 года пачаўся выпуск матацыклаў з аб’ёмам рухавіка 125 см3 і нават 150 см3. “Наймацнейшы” матацыкл фабрыкі “Нёман” меў назву 150 DV, максімальную хуткасць 90 км/г, расход паліва быў 2,8 л на 100 км, а дапушчальная нагрузка павялічылася да 250 кг. Усе машыны былі пафарбаваны ў чорны колер з палоскамі і надпісам “Нёман” на бензабаку. Планавалася зрабіць 250 матацыклаў 150 DV, хаця, меркавалася, што магчымасці фабрыкі дазваляюць выпусціць нават у два разы больш.

Юрый Ясюк у сваім артыкуле “Нёман” з Гродна” пісаў: “У гродзенскіх матацыклаў была ўдалая канструкцыя, яны былі добра зроблены (несумненна, выкарыстоўваўся вопыт, атрыманы дзякуючы ранейшаму выпуску веласіпедаў і мапедаў)”. Няма сумнення, што гэтак жа добра былі зроблены і веласіпеды з Гродна. Транспартныя сродкі з арыгінальным таварным знакам фабрыкі “Нёман” (выява гродзенскага Новага замка на беразе Нёмана) можна было сустрэць у кожным кутку краіны ў паштальёнаў, чыноўнікаў, звычайных грамадзян.

Гісторыя пасля…

У 1939 г. фабрыка была нацыяналізавана і атрымала назву Гродзенскі велазавод. Нохум Старавольскі з сям’ёй быў высланы ў Казахстан, адкуль ужо пасля вайны яны перабраліся спачатку ў Польшчу, а пасля ў Ізраіль.

Пасля 1944 года матацыклы і веласіпеды на вуліцы Карла Маркса ўжо не выраблялі, але нейкі час Гродзенскі велазавод знаходзіўся ў будынках былога казённага віннага склада на вуліцы 17 Верасня, там, дзе цяпер знаходзіцца крама “Еўраопт”.

У савецкі час велазавод спецыялізаваўся на вытворчасці розных мадэляў дзіцячых веласіпедаў, якія карысталіся ў малых гродзенцаў вялікай папулярнасцю. Тут жа рабілі каналізацыйныя люкі. І сёння ў Гродне яшчэ досыць часта можна ўбачыць стары люк з надпісам: “ГродноВелозавод”. У 1970-х гадах завод перапрафілявалі на вытворчасць аўтамабільных агрэгатаў і перанеслі на вуліцу Курчатава.

Гродзенскі каналізацыйны люк 1970-х гг. Цікавае сведчанне існавання ў нашым горадзе ўласнага велазавода.jpg

Сёння ў Беларусі ў калецыя-нераў захоўвавецца некалькі “нёманскіх” веласіпедаў, а старыя гарантыйныя лісты і пасведчанні аб набыцці веласіпедаў і матацыклаў і сёння гучнымі рэкламнымі фразамі сведчаць пра “цудоўныя тэхнічныя дадзеныя і якасць вырабаў фабрыкі “Нёман”.

Back to top button
Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
*
Генерация пароля
Продолжая использовать сайт, вы соглашаетесь с политикой обработки файлов cookie.