14 чэрвеня старажытны палацава-паркавы комплекс “Вялікі Свяцк Валовічаў” ператварыўся ў сапраўдны эпіцэнтр беларускай культуры. Тут прайшоў маштабны фестываль, які сабраў вакол сябе ўдзельнікаў з усёй Беларусі, а таксама турыстаў з суседніх краін.
На Фестывалі беларускай культуры ў Свяцку ажылі народныя традыцыі: гучалі родныя напевы, кружыліся ў танцах дзеці, моладзь і дарослыя, а рукі майстроў дэманстравалі мастацтва старажытных рамёстваў. Ткацтва паясоў, салома- і лозапляценне, вязанне дываноў, выраб лялек, выцінанка і іншае… Усё гэта можна было не толькі ўбачыць, але і паспрабаваць зрабіць самастойна падчас майстар-класаў. Акрамя таго працавалі каларытныя пляцоўкі з цікавымі гульнямі і забавамі.
На працягу свята гасцей іпрэзы радавалі сваёй музычнай і танцавальнай творчасцю вядомыя калектывы Гродзеншчыны – “Жывіца”, “Забава”, “Раніца”, “Рукавічкі”.
Яскравым акордам фестывалю стаў канцэрт заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь – Беларускага дзяржаўнага ансабля “Песняры”.
Яшчэ адной цікавосткай мерапрыемства, якой здзівілі наведвальнікаў, быў агульны флэшмоб “Станчым Лявоніху разам”.
- Фестываль беларускай культуры адбыўся ў Свяцку ўпершыню і спадабаўся нашым гасцям, спадзяемся ў будучым ён стане не толькі добрай традыцыяй, але і своеасаблівым брэндам культурнага жыцця Гродзенскага рэгіёну. У кожным слове, якое чулі нашы госці, у кожнай мелодыі — душа нашага народа, сувязь пакаленняў і гонар за родную зямлю. Наш фестываль – не толькі напамін пра тое, як важна берагчы свае карані і шанаваць спадчыну продкаў, гэты фестываль – прызнанне ў любові нашай роднай, прыгожай і самай лепшай Беларусі, —
— расказалі арганізатары.
Фота Ірыны Залеўскай